:

Зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да дзяржаў — членаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў (Мінск, 24 чэрвеня 2019 г.)

10.07.2019 г.

У гэтым годзе Беларусь адзначае 75-ю гадавіну вызвалення краіны ад нацысцкіх захопнікаў.

Другая сусветная вайна, адна з самых жорсткіх у гісторыі чалавецтва, стала для нас Вялікай Айчыннай. Яна ўварвалася ў кожны дом і ў кожную сям'ю. За гады акупацыі Беларусь страціла трэць свайго насельніцтва. На нашай тэрыторыі фашыстамі было створана больш за 260 лагераў смерці і іншых месцаў масавага знішчэння, спалена каля дзесяці тысяч вёсак, разбураны гарады. Але не быў зломлены дух беларускага народа.

Беларусь не скарылася. Тут разгарнуўся буйнейшы ў Еўропе партызанскі і падпольны рух. Дзякуючы самаадданай барацьбе нашага народа, а таксама ўсіх жыхароў Савецкага Саюза і краін антыгітлераўскай кааліцыі вораг быў пераможаны.

Дзень вызвалення Мінска, 3 ліпеня, стаў нашым нацыянальным святам — Днём Незалежнасці.

Мужнасць і гераізм беларускага народа, яго вялікі ўклад у перамогу над фашызмам атрымалі сусветнае прызнанне. Беларусь увайшла ў лік дзяржаў — заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

На жаль, сёння, калі паміж былымі саюзнікамі ў барацьбе з нацызмам усё часцей узнікае недастатковае разуменне або канфрантацыя, праблема прадухілення новай сусветнай вайны становіцца ўсё больш вострай і актуальнай.

Перакананы, што для ўмацавання міру і пераадолення існуючых супярэчнасцей неабходны новы маштабны міждзяржаўны дыялог. Беларусь гатова стаць пляцоўкай для абмеркавання любых стваральных ініцыятыў у сферы міжнароднай бяспекі і развіцця.

У імя будучыні мы павінны памятаць страшныя ўрокі мінулага, захоўваць і перадаваць будучым пакаленням праўдзівую гісторыю вялікага подзвігу герояў-вызваліцеляў. Вучыць сваіх дзяцей цаніць жыццё, паважаць іншыя народы і берагчы мір.

Людзі з даўніх часоў, вітаючы адзін аднаго, кажуць: «Мір вам». Арганізацыя Аб'яднаных Нацый створана для яго захавання і ўмацавання.

Разам мы зможам выканаць гэту гістарычную місію!
 

Аляксандр Лукашэнка

 

______________________________

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці