:

Да 100-годдзя беларуска-германскіх дыпламатычных адносін

07.04.2023 г.

 

9 красавіка 2023 г. спаўняецца роўна 100 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Германіяй.

Беларуска-германскія дыпламатычныя адносіны былі ўпершыню ўстаноўлены ў 1923 годзе з прычыны распаўсюджвання на Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку (БССР) палажэнняў Рапальскай дамовы, заключанай паміж Савецкай Расіяй і Веймарскай Германіяй у красавіку 1922 года.

5 лістапада 1922 г. у г.Берліне быў падпісаны Дагавор аб распаўсюджванні палажэнняў гэтага германа-расійскага пагаднення на іншыя савецкія рэспублікі. У той жа дзень спецыяльнай нотай рэйхсканцлера Карла Ёзэфа Вірта ў адрас паўнамоцнага прадстаўніка Савецкай Расіі ў Германіі Мікалая Крэсцінскага было паведамлена аб прызнанні Германіяй дэ-юрэ шасці савецкіх рэспублік, у тым ліку Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі, а таксама аб згодзе ўстанавіць з імі дыпламатычныя і консульскія адносіны яшчэ да ратыфікацыі самой дамовы.

15 лютага 1923 г. Старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Аляксандр Чарвякоў падпісаў даверчую грамату для Паўнамоцнага прадстаўніка БССР пры Урадзе Германскай Рэспублікі Мікалая Крэсцінскага.

                                      

9 красавіка 1923 г. рэйхспрэзідэнт Фрыдрых Эберт прыняў даверчую грамату ў Пасла М.Крэсцінскага. З моманту яе перадачы былі ўстаноўлены паўнацэнныя дыпламатычныя адносіны паміж Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай і Германскім Рэйхам.

У той жа час 6 ліпеня 1923 г. уступіў у сілу заключаны 30 снежня 1922 г. Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікай, Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, Украінскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай і Закаўказскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікай Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у адпаведнасці з якім знешняя палітыка адносілася да сферы паўнамоцтваў саюзных органаў улады.

У сувязі з гэтым 21 ліпеня 1923 г. кіраўніцтва Беларускай ССР нотай паведаміла прадстаўнікам замежных дзяржаў, што рэалізацыя ўсіх яе міжнародных пагадненняў перадаецца ўраду СССР.

Беларуска-германскія дыпламатычныя адносіны былі адноўлены ў 1992 годзе пасля набыцця Беларуссю незалежнасці. Пагадненне аб дыпламатычных адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Германія было падпісана 13 сакавіка 1992 г. у г.Мінску міністрамі замежных спраў дзвюх краін Пятром Краўчанкам і Хансам-Дзітрыхам Геншэрам.

У сталіцах абедзвюх дзяржаў былі аператыўна адкрыты пасольствы. З 2012 года функцыянуе таксама Генеральнае консульства Беларусі ў г.Мюнхене. Створана салідная дагаворна-прававая база двухбаковага супрацоўніцтва, якая налічвае сёння звыш 20 дзейючых міжнародных дагавораў і пагадненняў у розных сферах.

Пашырэнню адносін і сфер узаемадзеяння Беларусі і Германіі садзейнічалі рэгулярныя візіты і кантакты, у тым ліку на вышэйшым узроўні. У 1996 і 1998 гг. адбыліся рабочыя візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў Федэратыўную Рэспубліку Германія. У сваю чаргу Рэспубліку Беларусь наведалі Федэральны прэзідэнт ФРГ Ф.-В.Штайнмаер (2018 год) і Федэральны канцлер ФРГ А.Меркель (2015 год).

               

               

               

               

               

Нягледзячы на цяперашнія няпростыя абставіны і існуючыя рознагалоссі, інтарэсам беларускага і германскага народаў, а таксама ўсяго еўрапейскага рэгіёну адпавядае працяг канструктыўнага дыялогу і прагматычнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Германіяй.
 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці