Аб адкрыцці выстаўкі “70 гадоў міру”
06.05.2015 г.
5 мая 2015 г. у Расійскім доме навукі і культуры ў г. Берліне ў рамках цэнтральнага мерапрыемства да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адбылося адкрыццё выстаўкі сучаснага беларускага габелена “70 гадоў міру”, арганізаванай Пасольствам Беларусі ў ФРГ сумесна з творчым аб’яднаннем беларускіх мастакоў “Сем плюс”.
На выстаўцы прадстаўлена 9 твораў (у тым ліку адзін дыпціх і два трыпціхі) сямі аўтараў – членаў секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў, большасць з якіх выраблена адмыслова да юбілею Вялікай Перамогі.
У аснове канцэпцыі выстаўкі ляжыць удзячнасць беларускіх мастакоў, бацькі і дзяды якіх былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, усім савецкім змагарам з фашызмам, дзякуючы подзвігу якіх быў забяспечаны шматгадовы мір у Еўропе.
Выступаючы перад шматлікімі гасцямі мерапрыемства, уключаючы кіраўніка Федэральнага агенцтва “Рассупрацоўніцтва” Любоў Глебаву, Пасла Расіі ў ФРГ Уладзіміра Грыніна, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і былых вязняў нацызму, прадстаўнікоў германскіх дзелавых колаў, устаноў культуры і адукацыі, грамадскіх арганізацый і СМІ, Пасол Беларусі ў ФРГ Андрэй Гіро адзначыў асаблівае значэнне свята 9 мая для Беларусі, якая страціла падчас вайны кожнага чацвёртага жыхара.
На вернісажы прысутнічалі члены творчай суполкі “Сем плюс” Марыя Барысенка і Уладзімір Лісавенка, якія знаходзяцца ў г. Берліне па запрашэнні Пасольства.