:

Гісторыя Пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ

Пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ месціцца ў г. Берліне ў дзвюх вілах, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы як помнікі гісторыі (Am Treptower Park 31 і 32). Абодва будынкі датуюцца другой паловай XIX стагоддзя.

У 1875 годзе па загадзе заможнага ўладальніка садовай гаспадаркі і пазней акруговага галавы Марціна Хофмана архітэктарамі Вайсэ і Віхманам быў узведзены жылы дом на шляху, што злучаў Берлін і Кёпенік. Яго будаўніцтва дала пачатак забудове вуліцы Кёпенікер штрасэ. У выніку далейшых прац па перабудове і пашырэнню будынка ўзнікла элегантная віла на некалькі паверхаў у стылі, тыповым для фешэнебельнага берлінскага раёна Груневальд.

Да 1933 г. віла выкарыстоўвалася як жылы дом, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны тут размясцілася аддзяленне сувязі.

У снежні 1996 г. будынак быў набыты Ўрадам Рэспублікі Беларусь. Але перш чым у яго пераехалі падраздзяленні Пасольства, ён быў грунтоўна адрамантаваны і мадэрнізаваны. Наяўныя вокны і дзверы былі рэстаўраваны, столі і ляпніна прыведзены ў першапачатковы стан, фрагменты лесвічных парэнчаў заменены з улікам захаваных узораў. Варта згадаць, што ў будынку захавалася ўбудаваная незгаральная шафа, вырабленая ў 1900 годзе кампаніяй «Франц Круп» з Вайсэнзэе. Пасля неабходнай дапрацоўкі яна ізноўку эксплуатуецца. Сёння ў будынку месцяцца пераважна кабінеты супрацоўнікаў.

Другі будынак (Am Treptower Park 31), які перайшоў ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь у 2000 годзе, таксама мае гістарычную каштоўнасць. Ён быў створаны вядомым архітэктарам і мулярам Паўлем Хофманам у 1888 годзе для Вільгельма Копена на дарозе Берлін — Кёпенік і названы ў гонар жонкі ўладальніка «Віла Луіза».

Фасад дэкараванага ў стылі класіцызму двухпавярховага збудавання падзяляецца на чатыры восі, з якіх трэцяя асабліва падкрэслена дзякуючы сваёй трохскладовасці і шчыпцу. Мансарда і балюстрада ў выглядзе атыку завяршаюць архітэктурны воблік вілы. 

Прыгажосць гэтага будынка зрабіла настолькі моцнае ўражанне на вядомага журналіста і пісьменніка Тэадора Фантанэ (1819-1898), што ён не мог не прыгадаць аб ім у сваім творы «Вандроўкі па марцы Брандэнбург».

У 2002-2003 гг. будынак быў саніраваны і на пачатку ліпеня 2003 г. да Нацыянальнага свята Рэспублікі Беларусь уведзены ў эксплуатацыю як частка комплекса Пасольства. Тут знаходзяцца консульскі аддзел і прадстаўнічыя памяшканні.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці