Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва
ФРГ займае вядучыя пазіцыі ў навукова-тэхнічным супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі і з'яўляецца для Беларусі партнёрам нумар адзін сярод краін Еўрапейскага саюза.
Беларуска-германскае супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогій грунтуецца на палажэннях міжурадавага Дагавора аб развіцці шырокамаштабнага супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, прамысловасці, навукі і тэхнікі (08.11.1993) і Сумеснай заяве Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага міністэрства адукацыі, навукі, даследванняў і тэхналогій ФРГ аб арганізацыі навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва (18.03.1996).
На базе гэтых дакументаў падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве Нацыянальнай акадэміі навук з Германскім навукова-даследчым таварыствам (1997 год) і Фондам Гумбальдта (1998), а таксама Мемарандум аб узаемааразуменні з Асацыяцыяй прамысловых даследчых аб'яднанняў «Ота фон Гёрыке» (2003).
Створана двухбаковая рабочая група па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. У яе працы з беларускага боку бяруць удзел прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследванняў, з германскай — Федэральнага міністэрства адукацыі і навуковых даследванняў, Міжнароднага бюро Федэральнага міністэрства адукацыі і навуковых даследванняў, Германскага даследчага таварыства.
У 2010 годзе ў Беларусі прайшлі Дні навукі ФРГ.
У кастрычніку 2001 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце пачаў працу Інстытут нямецкіх даследванняў. Дзейнасць установы накіравана на арганізацыйнае, інфармацыйна-метадычнае і кансультацыйнае забеспячэнне міжнароднага супрацоўніцтва БДУ з германскімі ВНУ і навуковымі арганізацыямі.
Навукоўцы абедзвюх краін арганізуюць сумесныя канферэнцыі, семінары, летнія школы, круглыя сталы. Ажыццяўляюцца цесны кантакт і абмен рабочымі групамі вучоных з беларускага і германскага бакоў, публікацыя вынікаў даследванняў у перыядычных выданнях дзвюх краін.
Найбуйнейшыя навуковыя арганізацыі Беларусі і Германіі — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Германскае навукова-даследчае таварыства — падтрымліваюць сталыя кантакты і абменьваюцца візітамі. Нацыянальная акадэмія навук таксама наладзіла кантакт з Таварыствам імя Макса Планка - найбуйнейшай у ФРГ навукова-даследчай структурай, якая аб'ядноўвае больш за 80 навукова-даследчых інстытутаў.
У рамках двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ажыццяўляюцца звыш 50 праектаў, большасць з іх — з германскай фінансавай падтрымкай. Сумесныя праекты рэалізуюцца ў такіх найважнейшых галінах, як медыцына, біятэхналогіі, энергетыка, штучны інтэлект, лазерныя тэхналогіі, оптыка, новыя матэрыялы і г.д.
Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва беларускіх вучоных з навукова-даследчымі арганізацыямі Таварыства Фраунхофера па такіх напрамках, як медыцына, высокапорыстыя матэрыялы, нанаматэрыялы, энергаашчаджальныя тэхналогіі, машынабудаванне. Адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж Дзяржаўным навукова-вытворчым аб'яднаннем парашковай металургіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытутам тэхналогіі і даследвання матэрыялаў і Цэнтрам Фраунхофера для Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.
Развіццё навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва забяспечваецца шырокай інфармацыйнай падтрымкай. Інфармацыя аб навуковым ландшафце Беларусі і Германіі, інавацыйных прапановах і магчымасцях кааперацыі ў галіне ўкаранення інавацый размяшчаецца на сайтах Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхніцы Рэспублікі Беларусь, Беларускага інстытута сістэмнага аналіза, Федэральнага міністэрства адукацыі і даследванняў ФРГ, Рабочай асацыяцыі прамысловых навукова-даследчых арганізацый, «Інтэрнет-інавацыйнай біржы» Даследчага цэнтра Юліх, на сайтах ВНУ і навукова-даследчых устаноў абедзвюх краін.