:

Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва

ФРГ з’яўляецца вядучым партнёрам Рэспублікі Беларусь сярод краін Еўрапейскага саюза ў галіне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Двухбаковае ўзаемадзеянне ў сферы навукі і тэхналогій грунтуецца на палажэннях міжурадавага Дагавора аб развіцці шырокамаштабнага супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, прамысловасці, навукі і тэхнікі (8 лістапада 1993 г.) і Сумеснай заяве Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь і Федэральнага міністэрства адукацыі, навукі, даследаванняў і тэхналогій ФРГ аб арганізацыі навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва (18 сакавіка 1996 г.).

На базе гэтых дакументаў падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж буйнейшымі навуковымі арганізацыямі дзвюх краін – Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нямецкім навукова-даследчым таварыствам (1997 год), Фондам ім. А.Гумбальдта (1998 год), Мемарандум аб узаемапаразуменні з Асацыяцыяй прамысловых даследчых аб’яднанняў “Ота фон Герыке” (2003 год). НАН Беларусі таксама ажыццяўляе ўзаемадзеянне з Таварыствам ім. Макса Планка (аб’ядноўвае больш за 80 навукова-даследчых інстытутаў у ФРГ).

Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва беларускіх вучоных з навукова-даследчымі арганізацыямі Таварыства ім. Фраунгофера па такіх напрамках, як медыцына, высокапорыстыя матэрыялы, нанаматэрыялы, энергаашчаджальныя тэхналогіі, машынабудаванне.

У 2010 годзе ў Беларусі прайшлі Дні навукі ФРГ. У 2011 годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пачаў працу Інстытут нямецкіх даследаванняў, у якім на дадзены момант занятыя як беларускія, так і германскія спецыялісты. Інстытут праводзіць шматлікія адукацыйныя мерапрыемствы і падтрымлівае актыўныя сувязі з навучальнымі ўстановамі Германіі.

Створана двухбаковая рабочая група па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Рэалізуюцца сумесныя мерапрыемствы і праекты ў рамках узаемадзеяння паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ) і Федэральным міністэрствам адукацыі і навуковых даследаванняў ФРГ. Навукоўцы абедзвюх краін арганізуюць сумесныя канферэнцыі, семінары, летнія школы, круглыя сталы. Ажыццяўляюцца цесны кантакт і абмен групамі даследчыкаў.

У прыватнасці, у 2018 годзе арганізавана навучальная паездка беларускіх кантактных кропак праграмы “Гарызонт 2020” у г.Боне.

Германія стала фокус-краінай спецыялізаванага міжнароднага форума па смартыфікацыі рэальнага сектара эканомікі “Smart Industry Expo”, што адбыўся ў 2020 годзе ў г.Мінску ў рамках Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форума з удзелам прадстаўнікоў нямецкіх даследчых цэнтраў.

У сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ажыццяўляюцца звыш 50 сумесных праектаў па такіх найважнейшых напрамках, як медыцына, энергетыка, штучны інтэлект, оптыка, лазерныя тэхналогіі, новыя матэрыялы і г.д.

У 2019-2021 гг. у рамках беларуска-германскага конкурса навуковых праектаў “Партнёрства для даследаванняў у сферы ўстойлівага развіцця” бакі садзейнічаюць правядзенню сумесных даследаванняў і распрацовак па тэматыцы біятэхналогій, экалогіі і біяразнастайнасці, выкарыстання мясцовых узнаўляемых крыніц энергіі.

Развіццё навукова-тэхнічных сувязей забяспечваецца шырокай інфармацыйнай падтрымкай. Матэрыялы аб навуковым ландшафце Беларусі і Германіі, прапановах і магчымасцях кааперацыі ў галіне ўкаранення інавацый размяшчаюцца на сайтах ДКНТ, Беларускага інстытута сістэмнага аналіза, Федэральнага міністэрства адукацыі і навуковых даследаванняў Германіі, Асацыяцыі “Ота фон Герыке”, Юліхскага даследчага цэнтра, на інтэрнэт-рэсурсах ВНУ і навукова-даследчых устаноў абедзвюх краін. Вынікі даследаванняў публікуюцца ў беларускіх і нямецкіх перыядычных выданнях.

У студзені-кастрычніку 2020 г. аб’ём экспарту ў Германію беларускіх навуковых паслуг склаў 587 тыс. долараў ЗША, павялічыўшыся на 50% у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 году.

Пасольства Беларусі ў ФРГ аказвае неабходную падтрымку ў развіцці двухбаковых кантактаў у навукова-тэхнічнай сферы, падтрымлівае актыўнае працоўнае ўзаемадзеянне з вядучымі даследчымі ўстановамі Германіі.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці