Аб выдачы пашпартоў
7 верасня 2023 г. набыў моц Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і выканання дзеянняў», у адпаведнасці з якім зменены пералік консульскіх дзеянняў і адміністрацыйных працэдур, якія выконваюць дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян.
У адпаведнасці з Указам замежныя ўстановы спынілі выдачу, абмен і падоўжанне тэрміну дзеяння ўсіх відаў пашпартоў і ідэнтыфікацыйных карт. Выдача і абмен пашпартоў ажыццяўляецца толькі на тэрыторыі Беларусі.
Калі тэрмін дзеяння пашпарта скончыўся падчас знаходжання грамадзяніна за мяжой, яму для ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь неабходна атрымаць у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у ФРГ (г. Берлін) або ў Генеральным консульстве Рэспублікі Беларусь у г. Мюнхене пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь. Пасведчанні на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь выдаюцца таксама дзецям – грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія нарадзіліся за мяжой і не мелі раней пашпарта.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія аформілі сталае жыхарства за межамі Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца ў замежных установах на сталым консульскім уліку, могуць звяртацца па пытанні афармлення біяметрычных пашпартоў і пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь у падраздзяленне па грамадзянству і міграцыі УУС па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь (для асоб, якія не пражывалі ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку, непаўналетніх, якія нарадзіліся ў Германіі, – па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь бацькоў). Біяметрычныя пашпарты таксама афармляюцца ў галоўным консульскім упраўленні Міністэрства замежных спраў.
Выдача і абмен пашпартоў грамадзянам Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваным у Рэспубліцы Беларусь, магчымыя ў падраздзяленнях па грамадзянству і міграцыі УУС па месцы рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.