Пасведчанне на вяртанне
Пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь выдаецца:
- у выпадку страты або крадзяжу пашпарта;
- калі пашпарт несапраўдны або непрыдатны для выкарыстання, у тым ліку калі скончыўся тэрмін яго дзеяння;
- непаўналетнім грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія нарадзіліся за межамі Рэспублікі Беларусь і не мелі раней пашпарта.
Пасведчанне на вяртанне выдаецца для аднакратнага ўезду ў Рэспубліку Беларусь і не можа быць выкарыстана для выезду з Рэспублікі Беларусь. Пасля ўезду ў Рэспубліку Беларусь па пасведчанні на вяртанне неабходна аформіць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Пасведчанне не дае права на жыхарства за мяжой і падарожжы ў іншыя краіны, за выключэннем праезду праз іх у Рэспубліку Беларусь.
Афармленне пасведчання на вяртанне ажыццяўляецца ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у ФРГ у г.Берліне або ў Генеральным консульстве Рэспублікі Беларусь у г.Мюнхене. У Генеральным консульстве ў Мюнхене прымаюцца дакументы грамадзян, якія пражываюць або знаходзяцца ў федэральных землях Баварыя і Бадэн-Вюртэмберг, у Пасольстве ў Берліне – грамадзян, якія пражываюць або знаходзяцца ва ўсіх іншых федэральных землях.
Афармленне пасведчання на вяртанне ў сувязі са стратай пашпарта або яго непрыдатнасцю для выкарыстання ажыццяўляецца пры асабістай яўцы заяўніка (законнага прадстаўніка заяўніка).
Раім папярэдне запісацца на прыём.
Папярэдні запіс у Пасольстве ў Берліне: тэл. 030 536 359 36, з 13.30 да 17.30 або e-mail: germany.consul@mfa.gov.by.
Папярэдні запіс у Генеральным консульстве ў Мюнхене: тэл. 089 649 570 319 або e-mail: germany.muenchen@mfa.gov.by.
У Пасольства Рэспублікі Беларусь у Берліне дакументы для выдачы пасведчання на вяртанне непаўналетнім грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія нарадзіліся за межамі Рэспублікі Беларусь і не мелі раней пашпарта, а таксама грамадзянам Рэспублікі Беларусь, не зважаючы на ўзрост, тэрмін дзеяння пашпарта якіх скончыўся, могуць быць пададзены як асабіста, па папярэднім запісе, так і па пошце.
У Генеральным консульстве ў Мюнхене дакументы ва ўсіх выпадках прымаюцца да разгляду падчас асабістага прыёму.
У выпадку накіравання дакументаў у Пасольства ў Берліне па пошце патрэбна азнаёміцца з наступнай інфармацыяй: Парадак накіравання дакументаў па пошце
Для атрымання пасведчання на вяртанне грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту, трэба прадставіць наступныя дакументы:
1. Заява на выдачу пасведчання.
2. Дзве каляровыя фатаграфіі заяўніка, адпаведныя яго ўзросту, памерам 40х50 мм (адным лістом).
3. Дакумент, выдадзены кампетэнтным органам замежнай дзяржавы (паліцыяй), які пацвярджае зварот заяўніка па пытанні страты (крадзяжу) пашпарту, і яго копію.
4. Дакумент, выдадзены кампетэнтным органам замежнай дзяржавы, які пацвярджае права заяўніка на пражыванне на тэрыторыі ФРГ або наяўнасць замежнага грамадзянства (арыгінал і копіі старонак з прозвішчам, імем, фотаздымкам, нумарам дакумента).
5. Асобам, якія маюць несапраўдныя або непрыдатныя для выкарыстання пашпарты, у тым ліку тэрмін дзеяння якіх скончыўся, – пашпарт у арыгінале і яго копію.
6. Дакумент, які пацвярджае аплату консульскага збору.
Консульскі збор за выдачу пасведчання на вяртанне асобе, якая дасягнула 14-гадовага ўзросту, складае 20 еўра.
Банкаўскія рэквізіты Пасольства Рэспублікі Беларусь у г.Берліне:
Botschaft der Republik Belarus
Konto 4094881001
BLZ 12080000
IBAN: DE84120800004094881001
BIC/SWIFT: DRESDEFF120
Commerzbank AG Berlin
Тэрмін выдачы пасведчання на вяртанне складае да 1 месяца з дня падачы заявы.
Для атрымання пасведчання на вяртанне грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які не дасягнуў 14-гадовага ўзросту, законным прадстаўніком (маці або бацькам) непаўналетняга павінны быць прадстаўлены наступныя дакументы:
1. Заява на выдачу пасведчання.
2. Пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу законнага прадстаўніка непаўналетняга (арыгінал і копіі ўсіх старонак, на якіх маюцца дадзеныя і адзнакі на рускай, беларускай мове і ў лацінскай транскрыпцыі).
3. Пасведчанне аб нараджэнні – для непаўналетніх, якія нарадзіліся за межамі Рэспублікі Беларусь (арыгінал з апастылем і перакладам на рускую або беларускую мову і копіі ўсіх старонак, уключна з копіямі апастылю і перакладу).
Калі непаўналетні раней атрымліваў пасведчанне на вяртанне і выкарыстаў яго для паездкі ў Рэспубліку Беларусь, то падаваць у тую ж самую замежную ўстанову пасведчанне аб нараджэнні пры афармленні новага пасведчання на вяртанне не патрабуецца.
Пасведчанне аб нараджэнні, выдадзенае ў Германіі, павінна быць засведчана апастылем і суправаджацца засведчаным перакладам на рускую або беларускую мову. Засведчанне перакладу дакумента, выдадзенага ў ФРГ, азначае засведчанне подпісу беларускага перакладчыка беларускім натарыўсам або засведчанне зробленага ў Германіі ў нямецкага перакладчыка перакладу яшчэ адным апастылем, які засвядчае паўнамоцтвы перакладчыка, або выкананне перакладу ў замежнай установе Рэспублікі Беларусь (у апошнім выпадку за пераклад спаганяецца консульскі збор у памеры 70 еўра за старонку).
4. Дзве каляровыя фатаграфіі заяўніка, адпаведныя яго ўзросту, памерам 40х50 мм (адным лістом).
5. Калі непаўналетні мае несапраўдны або непрыдатны для выкарыстання пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у тым ліку тэрмін дзеяння якога скончыўся, – пашпарт у арыгінале і яго копію.
6. Калі пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь непаўналетняга страчаны (скрадзены) – дакумент, выдадзены кампетэнтным органам замежнай дзяржавы (паліцыяй), які пацвярджае зварот заяўніка па пытанні страты (крадзяжу) пашпарта, і яго копію.
7. У выпадку перасылкі дакументаў поштай – квітанцыя аб аплаце паштовых выдаткаў у памеры 5,90 евро.
8. Непаўналетні, які пражывае на тэрыторыі Германіі і выязджае ў Рэспубліку Беларусь, павінен аформіць нямецкі пашпарт або іншы дакумент, выдадзены кампетэнтным органам Германіі, які дае права ўезду на тэрыторыю ФРГ. Падчас афармлення пасведчання на вяртанне просім прадставіць копію гэтага дакумента.
Выдача пасведчання на вяртанне асобе, якая не дасягнула 14-гадовага ўзросту, ажыццяўляецца бясплатна.
Тэрмін выдачы пасведчання на вяртанне складае да 1 месяца з дня падачы заявы.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія стала пражываюць на тэрыторыі Германіі (гэта значыць, аформілі ў замежнай установе або органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь дазвол на выезд на сталае жыхарства за мяжу) павінны састаяць на консульскім уліку ў замежнай установе. Гэта датычыцца таксама непаўналетніх грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія нарадзіліся ў Германіі, бацькі (адзін з бацькоў) якіх з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, які стала пражывае за мяжой. Бацькі (або іншыя законныя прадстаўнікі) такіх непаўналетніх павінны паставіць іх на консульскі улік у замежнай установе да або падчас афармлення пасведчання на вяртанне. Інфармацыя аб парадку пастаноўкі на консульскі ўлік пададзена ў адпаведным раздзеле на сайце.
Пасведчанне на вяртанне таксама выдаецца замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якім нададзены статус бежанца, дадатковая абарона або прытулак у Рэспубліцы Беларусь, асобам без грамадзянства, якія стала пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, у выпадку калі выдадзены ім праяздны дакумент Рэспублікі Беларусь страчаны, несапраўдны або непрыдатны для выкарыстання. Таким асобам неабходна папярэдне пракансультавацца аб парадку атрымання пасведчання на вяртанне па тэлефоне або электроннай пошце.