Дзень народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь
16.09.2022 г.У 2022 годзе Беларусь у другі раз святкуе Дзень народнага адзінства, які быў усталяваны ў 2021 годзе ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка.
Свята адзначаецца 17 верасня і прымеркавана да гадавіны пачатку вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, у выніку якога падзелены па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора 1921 года беларускі народ зноў уз'яднаўся.
Па выніках польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў тэрыторыя, на якой спрадвечна пражывалі беларусы, была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ўвайшла затым у склад СССР. Заходнія беларускія землі былі далучаны да Польшчы. У склад Польскай дзяржавы ўвайшла беларуская тэрыторыя плошчай больш за 112 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 4,6 млн чалавек. За гэтымі землямі замацавалася неафіцыйная назва Заходняя Беларусь, якую ўлады Польшчы не прызнавалі.
1 верасня 1939 г. нацысцкая Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. У сярэдзіне верасня 1939 года нямецкія войскі падышлі да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
17 верасня 1939 г. Урад СССР аддаў загад войскам перайсці савецка-польскую мяжу і «ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі».
14 лістапада 1939 г. Вярхоўным Саветам БССР быў прыняты закон “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. Такім чынам, была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Рэспублікі, уз'яднаны беларускі народ.
Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, а пасля – незалежнай і суверэннай дзяржавай.
Дзень народнага адзінства – гэта сімвал унікальнасці, непахіснасці і самадастатковасці беларускай нацыі, сімвал беларускай ідэнтычнасці і дзяржаўнасці.