:

Да Міжнароднага дня роднай мовы

20.02.2024 г.

21 лютага штогодна адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, зацверджаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 г. Яго галоўная мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Родная мова для пераважнай колькасці беларусаў – беларуская. Яна выступае не толькі ў якасці срока камунікацыі, але і з’яўляецца адным з найважнейшых складальнікаў культурнага кода беларускай нацыі, сімвалам нацыянальнай самасвядомасці, фундаментам ідэнтыфікацыі і гістарычнай памяці.

Фарміраванне і развіццё беларускай мовы

Беларуская мова – адна з усходнеславянскіх моў, якая ўваходіць у індаеўрапейскую моўную сям’ю.

У славістыцы агульнапрынята лічыць, што размежаванне гутарковых народна-дыялектных беларускай, рускай і ўкраінскай моў адбылося прыблізна ў XIV стагоддзі. 

На фармаванне беларускай мовы паўплывалі гаворкі плямёнаў радзімічаў, дрыгавічоў і крывічоў, якія пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пэўную ролю адыгралі таксама гаворкі балтаў-яцвягаў і прусаў.

Да XIV стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім сфарміравалася старабеларуская мова, якая да 1696 года з'яўлялася афіцыйнай пісьмовай мовай канцылярыі ВКЛ. На ёй былі, у прыватнасці, напісаны Судзебнік або Статут Казіміра Ягайлавіча 1468 года, тры Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг., а таксама большасць дакументаў з амаль 600-томнага дзяржаўнага архіва (Метрыкі) ВКЛ. 

На старабеларускую мову перакладалі Святое пісанне і агульнаеўрапейскую мастацкую літаратуру. Адмысловае значэнне для яе развіцця мела дзейнасць выдатнага беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны, які ў 1517-1519 гг. пераклаў і надрукаваў Біблію ў беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы і тым самым паклаў пачатак усходнеславянскаму кнігадрукаванню.

Падпісанне Люблінскай уніі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай у 1569 годзе прывяло да паступовага выцяснення старабеларускай пісьмовай мовы з дзяржаўнага ўжывання з заменай яе на польскую. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя і далучэння тэрыторыі сучаснай Беларусі да Расійскай імперыі ў афіцыйным справаводстве дамінавала руская мова. Тым не менш, народна-дыялектная гутарковая беларуская мова па-ранейшаму працягвала быць мовай сельскіх народных мас і фальклору, захоўваючы сваю самабытнасць і ўнікальнасць. 

Сучасная беларуская літаратурная мова пачала фармавацца з сярэдзіны XIX стагоддзя. Каля вытокаў яе станаўлення стаялі такія прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, як Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, Аляксандр Рыпінскі, Ян Чачот. На фоне нацыянальнага адраджэння ў канцы XIX — пачатку XX стст. ішоў актыўны працэс развіцця беларускай мовы, у тым ліку кадыфікацыі граматыкі і з'яўлення масавай літаратуры. Вялізны і бясцэнны ўклад у гэты працэс унеслі беларускія літаратурныя класікі Францыск Багушэвіч, Максім Багдановіч, Якуб Колас і Янка Купала.

Пасля рэвалюцыі 1905 года ўлады Расійскай імперыі афіцыйна дазволілі выкарыстоўваць беларускую мову для выдання газет, часопісаў і кніг. Афіцыйнае прызнанне і ўжыванне ў розных сферах жыццядзейнасці, у тым ліку ў адукацыі, яна атрымала ў асноўным пасля 1917 года. 

У 1918 годзе Браніславам Тарашкевічам была выдадзена граматыка для аднастайнага нармаванага пісьма на сучаснай беларускай літаратурнай мове. 

У Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы беларуская мова стала афіцыйнай мовай і атрымала сваё далейшае развіццё. У гэты перыяд былі створаны беларускія выдавецтвы, адкрыта мноства школ і ўніверсітэтаў, дзе выкладалася і вывучалася беларуская мова. У 1933 годзе ў БССР была праведзена рэформа беларускага правапісу. У пасляваенныя гады сусветную вядомасць атрымалі такія беларускія пісьменнікі, як Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч, творы якіх былі перакладзены з беларускай на многія мовы свету, у тым ліку нямецкую.

Беларуская мова сёння

Сёння беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь (такім жа статусам валодае і руская мова). Яна таксама лічыцца роднай і выкарыстоўваецца беларускімі нацыянальнымі меншасцямі, якія жывуць у прыгранічных з Беларуссю дзяржавах — Расіі, Украіне, Польшчы, Літве і Латвіі. Усяго ў свеце на беларускай мове гаворыць больш за 7 млн. чалавек. 

У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца мэтанакіраваная палітыка па захаванні і развіцці беларускай мовы. Каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства ажыццяўляе Інстытут мовазнаўства ім. Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 

Штогод у першую нядзелю верасня праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Канцэпцыя дадзенага свята прадугледжвае дэманстрацыю адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У 2024 годзе эстафету арганізацыі свята прыме г.Івацэвічы Брэсцкай вобласці.

Асаблівасці сучаснай беларускай мовы

Беларуская мова мае шмат агульных граматычных і лексічных асаблівасцей з іншымі ўсходнеславянскімі мовамі. Пры гэтым у ёй вялікая колькасць слоў, якія немагчыма перавесці літаральна. У гэтым яе ўнікальнасць і непаўторнасць. 

Беларуская мова лексічна дзіўна багатая. Калі ў літаратурнай мове налічваецца каля 250-500 тысяч слоў, то ў дыялектах і мясцовых гаворках, якія з'яўляюцца яе важным складальнікам, — каля двух мільёнаў. Лічыцца, што асноўнымі дыялектамі беларускай мовы з'яўляюцца паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні і сярэднебеларускі пераходны. Беларускія дыялекты адрозніваюцца вымаўленнем асобных відаў літар. Напрыклад, гэта літары «а», «д» і «т». Лінгвісты называюць гэтыя асаблівасці вымаўлення «аканнем», «дзеканнем» і «цеканнем».

Алфавіт беларускай літаратурнай мовы створаны на аснове стараславянскай кірыліцы. Гістарычна выкарыстоўваліся таксама лацінка і арабскае пісьмо. Сучасная форма беларускага алфавіту была зацверджана ў 1918 годзе і складаецца з 32 літар. 

Характэрнымі асаблівасцямі беларускай мовы з'яўляюцца выкарыстанне знака апострафа ('), а таксама ўнікальнай літары пашыранай кірыліцы – у нескладовага (ў), якой нават пастаўлены помнік у калысцы беларускага пісьменства – г.Полацку. 

Напісанне ў беларускай мове заснавана на прынцыпе «як чуецца, так і пішацца», што значна спрашчае правілы беларускай арфаграфіі. 

Германізмы ў беларускай мове

Лексіка сучаснага беларускага пісьмовага маўлення прайшла доўгі шлях утварэння. Яна складаецца не толькі з родных беларускіх слоў, але і са слоў, запазычаных з іншых моў, у тым ліку з нямецкай.
Германізмы пачалі з'яўляцца ў беларускай мове ўжо ў XIII стагоддзі ў выніку непасрэднага сутыкнення беларусаў з немцамі, якія пасяліліся ў Прыбалтыцы. Вялікую ролю ў гэтым плане першапачаткова адыгрывалі гандлёвыя адносіны і кантакты паміж германцамі і славянскімі плямёнамі, такімі як крывічы і радзімічы, якія жылі на поўначы Беларусі. У гэты час у беларускую мову былі запазычаны нямецкія словы, якія ў асноўным ужываліся купцамі ў сферы гандлю, камерцыі і грашовых адносін, напрыклад: der Handel – «гандаль»; das Papier — «папера»; die Waage — «вага»; der Rest — «рэшта», die Gilde — «гільдыя», der Zins — «чынш».

Пачынаючы з XVI ст. нямецка-беларускія кантакты актывізаваліся. Ва Ўсходнюю Еўропу і на тэрыторыю сучаснай Беларусі прыехала мноства нямецкамоўных купцоў, рамеснікаў, лекараў і мастакоў, у тым ліку з прычыны ганенняў на пратэстантаў. У гэты перыяд у беларускую моўную сістэму ўвайшлі нямецкія тэхнічныя тэрміны і асобныя словы са штодзённага жыцця. Большасць нямецкіх слоў можна знайсці ў такіх галінах, як: 

- будаўніцтва, рамяство і мэбля: das Dach — «крыша», die Kreide — «крэйда», das Kloster — «кляштар», die Mauer — «мур», der Palast — «палац», das Spital — «шпіталь», der Ziegel — «цэгла», die Scheibe — «шыба», der Draht — «дрот», der Korb — «кораб», der Pinsel — «пэндзаль», die Truhe — «труна», das Schild — «шыльда», die Schublade — «шуфляда», der Koffer — «куфар», der Gerber — «гарбар», der Teller — «талерка», der Gang — «ганак»;

- адзенне і абутак: die Baumwolle — «бавоўна», der Unterrock — «андарак», der Absatz — «абцас», das Halstuch — «гальштук», der Pantoffel — «пантафель», das Futter — «футра», der Samt — «аксаміт»;

- ежа і напоі: die Kartoffel — «картопля», der Geschmack — «смак», die Gurke — «агурак», das Öl — «алей», der Schinken — «шынка», die Zwiebel — «цыбуля», der Kuchen — «кухан», der Zucker — «цукар»;

- заняткі і дзейнасць: drucken — «друкаваць», müssen — «мусіць», wünschen — «віншаваць», malen — «маляваць», morden — «мардаваць», retten — «ратаваць», wandern — «вандраваць».

У XIX стагоддзі і пачатку XX стагоддзя працэс лексічнага запазычання з нямецкай мовы працягнуўся. У прыватнасці, беларуская мова ўзбагацілася словамі нямецкага паходжання ў галіне медыцыны (die Binde — «бінт», die Büchse — «бікс», die Spritze — «шпрыц», die Schramme — «шрам»); эканомкі (der Buchhalter — «бухгалтар», der Wechsel — «вексель», der Krach — «крах»); гульні ў шахматы (der Blitz — «бліц», der Zugzwang — «цугцванг», das Endspiel — «эндшпіль», der Großmeister — «гросмайстар», die Zeitnot — «цэйтнот»). Акрамя спецыяльных тэрмінаў, у беларускай мове з'явіліся і агульнаўжывальныя словы, такія як die Schlange — «шланг», der Stöpsel — «штэпсель», der Spion — «шпіён».

У XIX стагоддзі сярод вышэйшых пластоў грамадства было модна ездзіць на нямецкія курорты. Са сферы падарожжаў былі запазычаны наступныя словы: Kutscher — «кучар», Bäcker — «пякар», Kurort — «курорт», das Feuerwerk — «феерверк», die Wanne — «ванна». 

Усё гэта наглядна сведчыць аб цеснай сувязі беларускай і нямецкай моў і шматвяковых адносінах двух народаў.

Беларусы па праву ганарацца сваёй роднай мовай. Прайшоўшы праз стагоддзі вельмі цяжкі і супярэчлівы шлях, беларуская мова змагла сфармавацца і захавацца, стаўшы асновай беларускай нацыі і беларускай дзяржаўнасці, неад'емнай часткай менталітэту беларускага народа. 

У кантэксце беларуска-германскіх адносін важным складнікам перспектыўнага двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці па лініі навуковых і адукацыйных устаноў, маглі б стаць сумесныя праекты па вывучэнні беларускай мовы ў Германіі, у тым ліку стварэнне адпаведных цэнтраў кампетэнцыі і даследчых праграм у нямецкіх профільных ВНУ.
 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці