:

Беларусь і гістарычная адказнасць Германіі

21.06.2022 г.

2022 год аб'яўлены ў Рэспубліцы Беларусь Годам гістарычнай памяці. 

Адным з цэнтральных элементаў нацыянальнай гістарычнай памяці і самасвядомасці беларусаў з’яўляецца трагедыя Другой сусветнай вайны і Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. 

81 год таму нацысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Адной з першых удар вайны на знішчэнне прыняла на сябе Беларусь. У той страшнай вайне, паводле некаторых ацэнак, загінуў фактычна кожны трэці жыхар Беларусі – амаль 3 мільёны чалавек. У прапорцыі да колькасці даваеннага насельніцтва – гэта найвышэйшы, жахлівы паказчык сярод усіх іншых краін і нацый.

Сотні тысяч беларусаў аддалі свае жыццё на франтах вайны, аднак яе асноўнай ахвярай на тэрыторыі акупаванай Беларусі стала цывільнае насельніцтва. 

Ваенныя дзеянні і тры гады акупацыі прынеслі смерць, пакуты і гора амаль у кожную беларускую сям'ю. Дашчэнту былі разбураны многія беларускія гарады, у гэтым ліку сталіца – Мінск. Спалены разам з жыхарамі сотні вёсак, адным з сімвалаў якіх стала беларуская Хатынь. Сотні тысяч беларусаў былі сагнаны ў Германію на прымусовыя работы. 

Асобнай трагічнай старонкай той варварскай вайны стала фактычнае татальнае знішчэнне беларускіх яўрэяў, якія гістарычна жылі на тэрыторыі Беларусі. 

Сумна вядомая Ванзэйская канферэнцыя 1942 года ў якасці мэтавага паказчыка “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання” ў Беларусі вызначыла страшную лічбу ў 446 484 чалавекі. На практыцы гэты “мэтавы паказчык” быў практычна ў два разы перавыкананы нацыстамі. Паводле ацэнак экспертаў і гісторыкаў, на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў Мінскім гета і лагеры смерці “Трасцянец”, загінулі каля 800 000 яўрэяў. Гэта інтэгральная частка Беларусі і беларускага грамадства была практычна цалкам знішчана.

Беларусь у гады Другой сусветнай вайны перажыла на сваёй тэрыторыі фактычна два генацыда – халакост беларускіх яўрэяў і генацыд беларусаў як прадстаўнікоў усходніх славян. 

Трагедыя і велізарныя чалавечыя ахвяры той вайны да сённяшняга дня з'яўляюцца найважнейшымі фактарамі і дэтэрмінантамі для беларускага грамадства і палітыкі Беларусі, у тым ліку ў дачыненні да сучаснай Германіі.

Як ні парадаксальна, але беларусы – адна з найбольш пацярпеўшых нацый – аж да 2015 года, па сутнасці, чакалі афіцыйных публічных выбачэнняў з боку Германіі за злачынствы, учыненыя ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі.

Надзвычайна важным і сімвалічным з пункту гледжання беларуска-германскага ўзаемапрымірэння стаў візіт у Рэспубліку Беларусь Федэральнага прэзідэнта ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера ў чэрвені 2018 года. У рамках гэтага візіту адбылося не толькі адкрыццё мемарыяла на месцы былога лагера смерці “Трасцянец”, але і былі дасягнуты на вышэйшым узроўні прынцыповыя дамоўленасці аб стварэнні двухбаковай камісіі гісторыкаў і далейшай сумеснай рэалізацыі мемарыяльна-адукацыйнага праекта “Гістарычная майстэрня ў г.Мінску”.

У сваёй памятнай прамове з нагоды 80-годдзя нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз Федэральны прэзідэнт Ф.-В.Штайнмаер неаднаразова згадваў трагічныя месцы і падзеі на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці Хатынь і лагер смерці “Трасцянец”, якія, паводле яго слоў, павінны быць лепш вядомымі ў Германіі.

У апошнія гады значны ўнёсак у працэс узаемапрымірэння і захавання гістарычнай памяці з нямецкага боку ўнеслі Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, Фонд “Помнік забітым яўрэям Еўропы”, музей “Берлін-Карлсхорст”, а таксама Народны саюз Германіі па догляду за ваеннымі магіламі.

Разам з тым на палітычным і дыпламатычным узроўнях Беларусь і беларусы па-ранейшаму не атрымліваюць належнай увагі з боку Германіі ў плане гістарычнай адказнасці ў кантэксце падзей Другой сусветнай вайны.

Праекты адпаведных рэзалюцый, якія абмяркоўваліся ў Бундэстагу ФРГ, так і засталіся праектамі. Аказалася, што германскай парламенцкай салідарнасці і асобнага нацыянальнага мемарыяла вартыя не ўсе нацыі, якія страцілі мільёны сваіх грамадзян у выніку злачыннай вайны, развязанай нацысцкай Германіяй.

Незапрашэнне сёлета афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі на памятныя мерапрыемствы ў шэрагу былых канцлагераў у ФРГ, у якіх утрымлівалісь і былі знішчаны дзесяткі тысяч беларусаў, стала яшчэ адным крокам, які падрывае гады карпатлівай і такой важнай дзейнасці ў сферы беларуска-германскага ўзаемапрымірэння.

Якімі б ні былі прычыны і бягучыя палітычныя рознагалоссі, яны не павінны і не могуць служыць асновай для рэвізіянізму і рэлятывізму ў адносінах да трагедыі і жахаў Другой сусветнай вайны, рэвізіянізму і рэлятывізму ў адносінах да гістарычнай адказнасці Германіі ў тым ліку перад беларусамі і Беларуссю.
 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці