:

40 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС

22.04.2026 г.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС — найбуйнейшы радыяцыйны інцыдэнт, які пацягнуў за сабой буйнамаштабныя эканамічныя і сацыяльна-псіхалагічныя наступствы. Яна паўплывала на лёсы мільёнаў людзей, запатрабавала максімальнай мабілізацыі сіл і сродкаў для пераадолення яе наступстваў.

На тэрыторыю Рэспублікі Беларусь прыпала 35 % чарнобыльскіх выпадзенняў цэзію-137 – асноўнага радыенукліду, які вызначае цяпер радыяцыйнае становішча. Было забруджана 23% тэрыторыі, у т.л. больш за 1,8 млн. га сельскагаспадарчых зямель (каля 20% іх агульнай плошчы), больш за 2 млн. га лясоў (каля 23%). Кароткажывучымі радыеактыўнымі ізатопамі ёду (у асноўным ёдам-131) была забруджана практычна ўся тэрыторыя.

У выніку катастрофы пацярпелі 56 раёнаў рэспублікі, больш за 3 600 населеных пунктаў з насельніцтвам каля 2,5 млн. чалавек, у тым ліку 1,5 млн. дзяцей.

У 1986 годзе эвакуіраваны 24,7 тыс. жыхароў са 107 населеных пунктаў Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў Гомельскай вобласці. Вакол ЧАЭС cтворана 30-кіламетровая зона адчужэння.

Спынілі існаванне 479 населеных пунктаў (у Гомельскай вобласці — 306, у Магілёўскай — 173). У зонах адсялення пакінутымі аказаліся больш як 26 тыс. прыватных падворкаў і грамадскіх капітальных будынкаў.

Да найбольш пацярпелых (на падставе ўдзельнай вагі забруджаных тэрыторый, калектыўнай дозы апраменьвання, страт сельскагаспадарчых зямель у выніку іх забруджвання) аднесены 21 раён краіны. У зоне забруджвання апынуліся каля 340 прамысловых прадпрыемстваў. Шэраг з іх спынілі сваю дзейнасць або панеслі вялікія страты.

Сумарны ўрон (уключаючы страты, звязаныя з пагаршэннем здароўя насельніцтва, страты, нанесеныя прамысловасці і сацыяльнай сферы, сельскай гаспадарцы, будаўнічаму комплексу і іншым галінам народнай гаспадаркі, затраты на ажыццяўленне мер па ліквідацыі і мінімізацыі наступстваў катастрофы і забеспячэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці), ацэньваецца ў 235 млрд. долараў ЗША, што складае 32 бюджэты рэспублікі 1985 года. Характар і велічыня ўрону сталі магутнымі дэстабілізуючымі фактарамі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі.

Зараз Беларусь знаходзіцца на чарговым этапе вырашэння чарнобыльскіх праблем — ажыццявіўся пераход ад рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый да іх актыўнага адраджэння і паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця з абавязковым захаваннем неабходных мер радыяцыйнай абароны.

Мерапрыемствы дзяржаўных праграм у пацярпелых раёнах накіраваны на стварэнне ўмоў жыцця, якія даюць магчымасць мінімізаваць уплыў негатыўных наступстваў радыеактыўнага забруджвання, і пры гэтым нясуць у сабе функцыі сацыяльнай абароны насельніцтва, аказваюць станоўчы ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё тэрыторый.

У комплексе вырашаюцца пытанні сацыяльных гарантый, экалагічнага дабрабыту на аснове дасягнення дынамічнага і ўстойлівага развіцця чарнобыльскіх рэгіёнаў. Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца прыняцце Праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025 — 2030 гады. Стратэгія развіцця раёнаў грунтуецца на трох асноўных складальніках: эфектыўная і збалансаваная эканоміка, фізічны і маральны дабрабыт, камфортнае пражыванне. Пры гэтым улічваюцца спецыялізацыя кожнага раёна, асаблівасці вядзення гаспадарчай дзейнасці ва ўмовах выканання ахоўных мерапрыемстваў у рамках ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка рэалізуецца маштабны праект «Развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці», накіраваны на ўздым эканомікі і паляпшэнне якасці жыцця ў раёнах, якія найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі.

26 красавіка — памятная дата ў Беларусі — Дзень чарнобыльскай трагедыі. У гэты дзень па ўсёй краіне праводзяцца мітынгі-рэквіемы. Усе ўспамінаюць герояў-чарнобыльцаў, тых, хто, не шкадуючы жыцця і здароўя, спыніў радыяцыйную стыхію і прадухіліў вялікую бяду. У лексіконе жыхароў Беларусі з'явілася новае слова — «перасяленцы». Яны страцілі самае галоўнае — дом, звыклае асяроддзе. У Беларусі памятаюць герояў, якія бралі непасрэдны ўдзел у тушэнні пажару на Чарнобыльскай АЭС. Штогод у дзень трагедыі на цэнтральнай плошчы Брагіна, які знаходзіцца за 45 км ад рэактара, праходзіць мітынг-рэквіем каля манумента адселеным вёскам і бюста пажарнага Васіля Ігнаценкі, які цаной свайго жыцця разам з групай таварышаў заступіў шлях вогненнай стыхіі. У Мінску ганаровае імя Васіля Ігнаценкі носіць адна з вуліц. Памяць аб чарнобыльскай катастрофе знаходзіць адлюстраванне ў творах культуры і мастацтва.

Мінула ўжо 40 гадоў з моманту чарнобыльскай катастрофы. Мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне памяці, “чарнобыльскай” культурнай спадчыны – неабходны як даніна павагі мужнасці і подзвігу, як перасцярога для будучых пакаленняў. Памяць аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС неабходна назаўжды захаваць для людзей як неацэнны ўрок і перасцярогу будучым пакаленням. Важна, каб пра чарнобыльскую трагедыю памяталі не толькі грамадзяне дзяржаў, якія прынялі на сябе асноўны ўдар катастрофы, але і ўся сусветная супольнасць.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці