:

Да 80-й гадавіны трагедыі Хатыні

21.03.2023 г.

22 сакавіка спаўняецца 80 гадоў жудаснай трагедыі Хатыні. Гэта чорная дата ў беларускай і еўрапейскай гісторыі, памяць пра якую жыве ў розумах і сэрцах беларусаў, і якая нагадвае пра шматлікія бесчалавечныя злачынствы нацызму, учыненыя ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны.

22 сакавіка 1943 г. нацысцкія карнікі ў якасці акцыі помсты за дзеянні партызан з руху супраціўлення поўнасцю знішчылі беларускую вёску Хатынь і жорстка забілі практычна ўсіх яе мірных жыхароў. У карнай акцыі прынялі ўдзел падраздзяленні 118-га батальёна шуцманшафта і зондэрбатальёна СС «Дзірлевангер».

Нацысты акружылі вёску, сагналі ўсіх яе жыхароў у хлеў і падпалілі, а тых, хто выбягаў, – расстрэльвалі. У выніку жыўцом згарэлі 149 чалавек, сярод якіх было 75 дзяцей. Выратавацца змаглі толькі шэсць дзяцей і адзін дарослы. Пасля вайны вёска Хатынь так і не была адбудавана зноў.

Трагічны лёс Хатыні атаясамліваецца з лёсам соцен другіх беларускіх вёсак. Хатынская трагедыя – адзін з шматлікіх фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую ажыццяўлялі нацысты на працягу ўсяго перыяду акупацыі ў 1941-1944 гг.

Сёння на месцы Хатыні знаходзіцца аўтэнтычны мемарыяльны комплекс, які стаў сімвалам нацыянальнага болю беларусаў і важным месцам гістарычнай памяці, якое нагадвае пра пакуты, якія выпалі на долю мірных людзей, і падкрэслівае каштоўнасць захавання міру. Сюды прыязджаюць з усяго свету, каб ушанаваць памяць ахвяр той жахлівай вайны, ахвяр Хатыні і тысяч іншых знішчаных фашыстамі беларускіх паселішчаў.

Жудасныя злачынствы тых ваенных гадоў ніколі не павінны быць забыты і паўтарыцца зноў. У сувязі з гэтым у красавіку 2021 г. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. 5 студзеня 2022 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка падпісаў Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”.

 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці