Рэгіянальнае і гуманітарнае супрацоўніцтва
Значную ролю ў беларуска-германскіх адносінах адыгрывае супрацоўніцтва з федэральнымі зямельмі Германіі, перш за ўсё з Брандэнбургам, Саксоніяй-Анхальт і Бадэн-Вюртэмбергам. Магілёў – Вітэнберг, Полацк – Фрыдрыхсхафен, Касцюковічы – Дытцэнбах уваходзяць у 21 пару гарадоў-пабрацімаў у Беларусі і Германіі. У Мінску і Берліне штогод праводзяцца сустрэчы паміж прадстаўнікамі гарадоў-пабрацімаў з Беларусі і Германіі. У цэлым адзначаецца захаванне цікавасці асобных нямецкіх гарадоў-пабрацімаў і грамадскіх аб'яднанняў да далейшага канструктыўнага развіцця міжрэгіянальнага дыялогу і супрацоўніцтва з Беларуссю.
Важнай часткай двухбаковых адносін было супрацоўніцтва, накіраванае на мінімізацыю ў Беларусі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сотні тысяч беларускіх дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прайшлі аздараўленне ў Германіі. У лютым 2009 года ўступіла ў сілу міжурадавае пагадненне аб умовах рэабілітацыі непаўналетніх грамадзян з Рэспублікі Беларусь у Германіі. У Германіі дзейнічае сетка чарнобыльскіх грамадскіх ініцыятыў. Двухбаковыя кантакты ў гуманітарнай сферы дасягнулі ўзроўню, які, паводле шэрагу паказчыкаў, не мае сабе роўных у адносінах Беларусі ні з адной іншай еўрапейскай краінай.
З улікам авіяблакады і шэрагу іншых санкцый, уведзеных ЕС, на гэтым этапе аздараўленне беларускіх дзяцей у Германіі прыпынена.