Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
02.07.2024 г.3 ліпеня 2024 г. у Рэспубліцы Беларусь адзначаецца адна з найважнейшых для нашай дзяржавы і ўсяго беларускага народа дат – 80-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Вялікая Айчынная вайна стала суровым выпрабаваннем для Беларусі. Ваенныя дзеянні і тры гады акупацыі прынеслі смерць, пакуты і гора амаль у кожную беларускую сям'ю. Дашчэнту былі разбураны многія беларускія гарады, у тым ліку сталіца – Мінск. Жахлівымі сімваламі гэтай трагедыі сталі спаленая разам з жыхарамі беларуская вёска Хатынь і найбуйнейшы на тэрыторыі былога СССР лагер смерці «Трасцянец».
У той страшнай вайне загінуў фактычна кожны трэці жыхар Беларусі – амаль 3 мільёны чалавек. У прапорцыі да колькасці даваеннага насельніцтва гэта найвышэйшы паказчык сярод усіх іншых краін і нацый.
Не выпадкова, што нацыянальнае свята Рэспублікі Беларусь – Дзень незалежнасці – адзначаецца менавіта 3 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе была вызвалена сталіца нашай краіны – горад Мінск.
У гэтым годзе Пасольствам Беларусі ў Германіі праводзяцца шматлікія памятныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нацыстаў.
20 чэрвеня Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь Андрэй Шупляк і супрацоўнікі Пасольства прынялі ўдзел у арганізаваным у Берліне сумесна з расійскімі калегамі адкрыцці фотавыставы «Беларусь непераможная». Прайшоў таксама паказ мастацкага фільма пра зверствы і злачынствы фашыстаў у акупаванай у ваенны перыяд БССР.
2 ліпеня кіраўнік і супрацоўнікі беларускай дыпмісіі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, грамадскіх арганізацый Германіі, а таксама суайчыннікі, якія пражываюць у ФРГ, усклалі вянкі і кветкі да савецкага манумента ў берлінскім мемарыяльным комплексе ў Трэптаў-парке. У Пасольстве Беларусі адбыўся паказ фільма «У жніўні 44-га… » аб падзеях ваенных гадоў на тэрыторыі вызваленай БССР, быў арганізаваны прыём для гасцей беларускай дыпламатычнай місіі.
Мерапрыемствы ў ФРГ з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі будуць працягнуты. Гэта наша даніна памяці героям, якія перамаглі фашызм, наш уклад у захаванне гістарычнай памяці аб трагічных і гераічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.