Аб паездцы ў г.Мітвайда
25.05.2016 г.24 мая 2016 г. Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у ФРГ Сяргей Маліноўскі наведаў г. Мітвайда (федэральная зямля Саксонія) для ўдзелу ў цырымоніі падпісання пагаднення паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Вышэйшай школай г. Мітвайда аб заснаванні першай у гісторыі беларуска-германскай магістэрскай праграмы на англійскай мове па спецыяльнасці “Прамысловы менеджмент”. Гэты крок стаў новым этапам супрацоўніцтва паміж абедзвюма ВНУ, якое існуе з 2012 года.
Першая стадыя праекта, які падрыхтаваны пры непасрэдным удзеле прафесара Вышэйшай школы г. Мітвайда, выхадца з Беларусі Сяргея Вялеські і рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD), разлічана на перыяд да канца 2018 года. Плануецца, што на працягу чатырох семестраў магістранты з Беларусі, ФРГ і, магчыма, іншых краін засвояць шэраг спецыяльных дысцыплін на базе БДУ і Вышэйшай школы г. Мітвайда, змогуць ажыццявіць даследчыцкі праект на адным з прадпрыемстваў Беларусі і Германіі. Пры выкананні неабходных умоў яны атрымаюць падвойны дыплом.
Сузаснавальнікамі новай праграмы з’яўляюцца Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і Мінскі саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Прамыслова-гандлёвая палата рэгіёна Цэнтральная Саксонія (г. Кемніц), кампаніі “IMM Group Mittweida” і “Exelonix GmbH Dresden”.
Пагадненне падпісалі з беларускага боку – прарэктар па вучэбнай працы БДУ Аляксей Данільчанка, з германскага – прарэктар Вышэйшай школы г. Мітвайда Герхард Цім. На цырымоніі прысутнічалі таксама старшыня прэзідыюма Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін, дырэктар цэнтра “Інстытут нямецкіх даследванняў” пры БДУ Уладзімір Ціханаў, прадстаўнікі рэктарата Вышэйшай школы г. Мітвайда, дэкан факультэта інжынернай эканомікі Андрэас Шмальфус, прафесар Сяргей Вялеська, кіраўнікі названых германскіх кампаній.
У рамках візіта кіраўнік Пасольства правёў прэзентацыю Беларусі для студэнтаў і выкладчыкаў Вышэйшай школы г. Мітвайда, якія былі праінфармаваны аб гісторыі і культуры нашай краіны, асновах яе ўнутранай і знешняй палітыкі, тэндэнцыях эканамічнага развіцця, экспартным і інвестыцыйным патэнцыяле, беларуска-германскім супрацоўніцтве ў галіне эканомікі. Былі прадэманстраваны відэафільмы “Адзін дзень з жыцця Беларусі” і “Беларусь у абдымках зорак”.
С.Маліноўскі абмеркаваў з членамі беларускай дэлегацыі і прадстаўнікамі кіраўніцтва Вышэйшай школы г. Мітвайда далейшыя перспектывы супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і акадэмічных абменаў, адзначыў важнасць яго пашырэння для ўмацавання кадравай базы айчыннай эканомікі.
Fotos: Aleksei Zhbanov, Helmut Hammer